Гомельская епархия » Пасланне да Ражджаства Хрыстовага Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА

  

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага 

Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА 

архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам 

і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы



Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры, 

пачэсныя прасвітары і дыяканы, 

богалюбівыя інакі і інакіні, 

дарагія браты і сёстры!


Сардэчна віншую ўсіх вас са светлым святам Ражджаства Госпада і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста. 

Дзівосны цуд богаўцялеснення, які адбыўся больш за дзве тысячы гадоў таму, і сёння напаўняе нашы душы невымоўнай радасцю. Сёння Бог на зямлю прыйшоў — і чалавек на неба ўзышоў (сціхіра на вячэрні свята). Тварэц і Прамысліцель усяго з’явіўся ў свеце, бо па міласэрнасці Сваёйне мог бачыць людзей, якіх мучыць дыявал (чын святога Хрышчэння); любоўю пераможаны, Беспачатны і Невыразімы прыйшоў, каб адшукаць заблуднае Сваё стварэнне (кандак на прытчу аб згубленай драхме прп. Рамана Салодкапеўца). 

Спраўдзіліся дзівосныя прароцтвы вялікіх абвяшчальнікаў Слова Божага, і перад чалавецтвам, якое тысячагоддзямі чакала спасення і вызвалення, знемагала пад цяжарам граху, пакутавала ад праклёну не толькі ў зямным жыцці, але і пасля скону, адчыніліся дзверы нябесныя. Ад вечна квітнеючай Дзевы прыняў плоць Гасподзь наш Іісус Хрыстос (канон Ражджаства Прасвятой Багародзіцы) — і херувім, які вогненным мячом абараняў уваход у рай, адступае ад дрэва жыцця (сціхіра на вячэрні свята). Нарадзілася Божае Дзіцятка на спасенне свету, нарадзілася пад законам, каб выкупіць падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўленне (Гал. 4:4-5). 

Неспасціжнае змірэнне Гасподняе: будучы Ўсемагутным Уладаром, Ён з’яўляецца да людзей бездапаможным немаўляткам, будучы Богам, прымае смяротную плоць і церпіць цяжкасці зямнога жыцця, будучы Бессмяротным, вольна ідзе на смерць, пакутлівую і ганебную. І робіць гэта не дзеля выбраных — прарокаў, праведнікаў і Сваіх верных служыцеляў. Хрыстос прыходзіць дзеля кожнага з нас, Ён жадае спасення ўсіх без выключэння — грэшнікаў і злачынцаў, раўнадушных і нядбайных, баязлівых і гняўлівых, нават Сваіх забойцаў!

Нікога не адхіляе Гасподзь, нікім не пагарджае, але наадварот — прымае нашу чалавечую плоць, абнаўляе яе богаўцялесненнем, крыжовымі пакутамі і жываносным Уваскрасеннем, узносіць яе ва ўлонне Святой Троіцы, асвячае знаходжаннем праваруч прастола Бога. І гэтага Жыватворчага Цела Хрыстовага, Яго Прачыстай Крыві, пралітай за кожнага з нас, прычашчаемся мы ў Таінстве Еўхарыстыі — і робімся адзінацялеснымі і адзінакроўнымі не толькі Спасіцелю, але і адзін аднаму. 

Аднак, на жаль, сёння мы бачым, як хвалі бязладдзя хістаюць карабель Царквы, як шторм разладаў і супярэчнасцяў парушае адзінства праваслаўных вернікаў, як азмрочаныя ворагам і спакушальнікам людзі аддаюць перавагу прад Крыніцай вады жывой мутнай і не прыдатнай для піцця крыніцы бязбожных ерасяў (канон святым айцам I Усяленскага сабора). У такі складаны час усе мы павінны памятаць, што дзеля кожнага з нас нарадзіўся, распяўся і ўваскрэс Гасподзь, што Ён заснаваў на зямлі Адзіную, Святую, Саборную і Апостальскую Царкву. Належачы да Царквы, мы закліканы да пераадолення бязладдзя, супрацьстаянняў і канфліктаў, да вылячэння расколаў, да дапамогі тым, хто перажывае жахі вайны, пакутуе ад прыцясненняў і несправядлівасці. 

Гасподзь нараджаецца не ў царскім палацы, а ва ўбогай пячоры, у апошняй галечы. Здавалася б, што можа быць горш за пячору і бядней за яслі для скаціны? Але ёсць такое месца — гэта выпаленая грахом пустыня сэрца чалавека, які аддаліўся ад Бога, абыякавага, спустошанага, зняволенага страсцямі. Аднак у нашых сілах зрабіць сваю душу ўмяшчальняй Бога, прыгадаць, што Гасподзь блізка, ля дзвярэй, і Ён пакорліва чакае, калі мы нарэшце ўбачым Яго вачыма веры, упусцім Яго ў сваё жыццё, пачуем Яго словы, адкажам на Яго любоў — і дадзім Яму Самому дзейнічаць у нас.

Увесь свет радуецца слаўнаму Ражджаству Спасіцеля: ангелы ўспяваюць хвалебныя гімны, пастухі святкуюць, мудрацы пакланяюцца Яму і прыносяць дары, і толькі азлобленае і поўнае зайздрасці сэрца Ірада не хоча прыняць Божую праўду, не радуецца — але дрыжыць, не ад страху Божага — але ад баязлівасці. Удумаемся, ці не прыпадабняемся мы да яго сваімі справамі, ці не ставім на першае месца ўласны дабрабыт і камфорт, ці не баімся мы, што хтосьці будзе лепшым за нас, больш таленавітым і добрым, ці не чынім мы зло такому чалавеку, імкнучыся абразіць яго ці зняславіць перад іншымі, скінуць з п’едэстала, каб узвесці на найвышэйшую ступень сябе? Ці не атрымліваецца так, што крыніцай ісціны робіцца для нас не Гасподзь і Яго святыя запаведзі, а мы самі? Ці не спакушаем мы іншых, выдаючы за праўду свае ўласныя, выгадныя нам выдумкі, ці не раздзіраем мы хітон Хрыстовы сваімі амбіцыйнымі дзеяннямі, ці не сеем зерне разладу і нараканняў сярод братоў па веры?

Гледзячы сёння на Богадзіця Хрыста, ставячы сябе твар да твару з Божай ісцінай, скінем цяжар страсцей і грэх, які так лёгка апутвае нас (Яўр. 12:1), узнясем цёплыя малітвы аб умацаванні адзінства Праваслаўя і памнажэнні любові, памятаючы пра тое, што любоў міласэрная, любоў не зайздросціць, любоў не ўзвышае сябе, не шукае свайго, не памятае зла, не радуецца няпраўдзе; ўсё пакрывае і усяму верыць (1 Кар. 13:4-7).

У богаслужбовых святочных тэкстах услаўляецца не толькі Гасподзь, Які нарадзіўся дзеля нашага спасення, але і тыя, дзякуючы каму стала магчымым Яго ўцялесненне — Прачыстая Дзева Марыя, праведны Іосіф Заручнік, святыя праайцы. Успомнім і мы ў гэты святочны дзень сваіх блізкіх: наведаем бацькоў і сяброў, удзелім ім увагу, знойдзем добрыя словы, падзякуем за ўсё, што яны для нас робяць. Няхай у нашым сэрцы, поўным любові да Бога і бліжніх, будзе жыць Усяміласцівы Хрыстос, Прадвечны і Неспасціжны, Роўнавечны нябачнаму Айцу(сядальны на вячэрні свята). Амінь. 


+ КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ


Ражджаство Хрыстова

2019/2020 г.

Масква

---
Дата:4-01-2020, 13:34
Просмотров:290
  
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо зайти на сайт под своим именем.